Дзяржаўная ўстанова культуры «Рагачоўскі музей Народнай славы»

Музей, які па сваім профілі з'яўляецца гістарычным, заснаваны ў 1962 г. Новая экспазіцыя ў іншым будынку адкрыта для наведванняў 2 ліпеня 2000 г. Наведвальнікам прадстаўлены залы археалогіі, гістарычнага мінулага, сельскага побыту, Вялікай Айчыннай вайны, пісьменнікаў-землякоў, а таксама раздзелы гарадскога побыту, Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, сучаснасці. Сярод найбольш адметных у маштабе краіны праектаў апошняга часу трэба адзначыць Першыя Міжнародныя Капланаўскія чытанні (2011 г.), прысвечаныя жыццю і творчасці ўраджэнца Рагачова, сусветна вядомага графіка і мастака Анатоля Каплана. Колькасць экспанатаў асноўнага фонду складае 27710 адзінак (2012), навукова-дапаможнага — 16385 адзінак. Найбольш адметныя калекцыі музея: «Археалогія», «Нумізматыка», «Іконы», «Старадрукі», «Творы А. Каплана». Сярод прадметаў музейнага фонду найбольшую гістарычную цікавасць уяўляюць: рынграф удзельніка Барскай канфедэрацыі 1768 г., кніга «Полное деяние святых апостолов» (XVII ст.), бранзалет (XIII ст.), рукапісная кніга «История Римского права» (1886 г.), лунніца (IV — VI стст.), арыгіналы твораў Анатоля Каплана і іншыя. У п. Ільіч знаходзіцца філіял музея.

Першы нацыянальны форум "Музеі Беларусі". Каталог музеяў. Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, 2012.